ГЕРБ МУЗЕЯ
ПРЭЗЕНТАЦЫЯ ЭТНАГРАФІЧНАГА МУЗЕЯ “СПАДЧЫНА”
Для кожнага чалавека, асабліва вяскоўца, беларуская хата – гэта сядзіба, зробленая яго рукамі, і духоўнасць, якую атрымалі мы ад продкаў і якую павінны годна перадаць сваім дзецям і ўнукам.
Што страцілі мы з гэтай спадчынай? Што прыдбалі за свой век? Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзеды, трэба. Пры яркім святле бліскавіцы відаць усё навокал. А пры святле свечкі на покуці ў матчынай хаце, пры святле малітвы ў душы відаць і тое, што засталося ў мінулым, і ясніцца шлях у будучыню.
Этнаграфічны музей адкрыўся ў 2009 г.
Асноўныя раздзелы экспазіцыі:
1. Сялянская хатка
2. “Чырвоны куток”
3. Беларускае народнае аддзенне.
4. Абутак: лапці, чаравікі, боты.
5. Вышыўка.
6.Прадзенне
7. Ткацтва
8. Ганчарства.
9. Саломапляценне
10.Вырабы з драўніны
11. Батлейка.
12. Дзіцячая творчасць
Інтэр´ер этнаграфічнага кутка нагадвае беларускую сялянскую хату пачатку XX ст.
Галоўнае месца ў хаце заўсёды займае покуць, на якой размяшчаецца абраз. Ён лічыцца вялікай каштоўнасцю і ўпрыгожваецца вышываным ручніком-набожнікам.
Каля покуці таксама ставіцца стол, на які ложаць бохан чорнага хлеба з соллю, у вугал ставіцца сноп жыта.Покуць лічыцца самым ганаровым месцам ў хаце.
Каля стала ў XX стагоддзі ставілі ложак, які абавязкова засцілалі саматканай посцілкай –падкладанкай, выкладвалі падушкі з прыгожымі вышыванымі накідкамі. На сцяну прымацоўвалі дыван ручной работы.
Прыгожыя посцілкі, ручнікі, сурвэткі, вышыўкі майстрыц сведчаць аб высокім мастацкім гусце нашых землякоў. На ўзорах тканых і вышываных вырабаў зашыфраваны аповед пра жыццё народа, прыроду, людзей. Вельмі крапатлівая была гэтая праца. Спачатку сеялі лён, потым яго рвалі, слалі, падымалі, вязалі ў снапы, сушылі. Потым церабілі, мялі, расчэсвалі, пралі, ткалі, адбельвалі, шылі, аздаблялі прыгожым арнаментам.У калекцыі этнаграфічнага музея ёсць андарак пачатку XX стагоддзя з Маларытскага раёна.
На паліцы гаспадары дома захоўвалі міскі, слоікі, лыжкі, збаны, макацёры (гліняны посуд, у якім церлі каноплі альбо мак, каб атрымаць малачко, яно патрэбна было ў час посту на бедную куццю). З посуду прыцягваюць ўвагу спорышы. Калі мужчыны працавалі ў полі, гаспадыня насіла ў ім ежу.
У задняй частцы хаты знаходзіцца калаўротак (самапралка), прасніца з кудзеляй.Даўней у сялянскіх сем´ях дзяўчынак з сямі гадоў вучылі прасці, а да пятнадцаці гадоў яны ўжо ўмелі ткаць і рыхтавалі самі сабе пасаг на вяселле.
У задняй частцы хаты знаходзіліся таксама і другія прадметы, неабходныя для гаспадарання – ступа, у якой таўклі проса, каноплі і інш., маслабойка.
Кожны з нас неад´емнае звяно ў тысячагадовай повязі пакаленняў, якія жылі на гэтай зямлі і пакінулі нам плён сваёй працы, матэрыяльнай і духоўнай.
Беларусы – духоўна багаты і слаўны народ, і кожны з нас, нашчадкаў, павінен шанаваць яго набыткі, створаныя цяжкай працай на працягу складанай, часам трагічнай беларускай гісторыі.
Мы і дарослых, і дзяцей
Запрашаем у наш музей.
Экспанаты мы збіралі,
Рэчы цэнныя шукалі.
Каб цікавы наш музей
Змог парадаваць гасцей! Сардэчна запрашаем!
Адрас этнаграфічнага музея:
Рэспубліка Беларусь,
Г. Брэст, вул. Беларуская,64
Кіраўнік музея Пяшко Вольга Сяргееўна,
т. 375-33-3551499